Кветкавы этнафестываль у Купалы

9 ліпеня 2016 года (з 10.00 да 18.00) у Купалаўскім мемарыяльным запаведніку «Вязынка» (Мінская вобласць, Маладзечанскі раён) адбудзецца традыцыйнае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасці Беларусі…», якое музей ладзіць сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, Маладзечанскім райвыканкамам, Асацыяцый «Профессионалы флористики и цветочного бизнеса», пры падтрымцы медыцынскай лабараторыі «СІНЭВО».

Вязынка – незвычайна прыгожае месца з сапраўдным нацыянальным каларытам. Тут, у адным з найпрыгажэйшых куткоў Міншчыны, нарадзіўся Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч). З 1972 года кожнае лета напачатку ліпеня Вязынка збірае сяброў, каб адсвяткаваць Дзень нараджэння першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.

Да 134-годдзя падрыхтавана святочная праграма, падчас якой можна будзе пачуць вершы-прысвячэнні Янку Купалу з вуснаў сучасных паэтаў, адчуць мілагучнасць мовы Песняра ў вершах, пакладзеных на музыку Уладзімірам Мулявіным, у выкананні Андрэя Скарынкіна, атрымаць асалоду ад выступлення фальклорнага гурта «GUDA», фальклорнага гурта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта «Варган» і фальклорнага-этнаграфічнага калектыва «Маркаўчанка» (Маладзечна).

Ужо ў чацвёрты раз у межах літаратурнага фестывалю будзе праведзены «Кветкавы этнафестываль у Янкі Купалы», які арганізуе Асацыяцыя «Профессионалы флористики и цветочного бизнеса». Галоўнай падзеяй Кветкавага этнафестывалю стане конкурс купальскіх вянкоў і букетаў «Купальская Краса» і дзіцячы фларыстычны конкурс «Купальская Красачка». Госці свята ўбачаць унікальныя і непаўторныя вобразы, створаныя прафесійнымі фларыстамі на высокім мастацкім узроўні.

Кожны, хто завітае на этнафестываль, зможа паўдзельнічаць у майстар-класе ад прадстаўнікоў Школы прафесійнай фларыстыкі «Арт Лаб» і міжнародных курсаў фларыстыкі «RozaAzora», а для маленькіх наведвальнікаў будзе працаваць школа малявання «Eleven-o-four» і дзіцячая інтэрактыўная пляцоўка. Усе жадаючыя змогуць паўдзельнічаць у пляценні купальскага вянка – сёлета ён будзе яшчэ большым – 4,5 метры ў дыяметры(!) – і стаць часткай самага вялікага спяваючага карагода! Арганізатары запрашаюць наведаць кірмаш рамёстваў, прадэгуставаць стравы традыцыйнай беларускай кухні, завітаць у міні-лабараторыю “СІНЭВО”, прыняць удзел у традыцыйных танцах і гульнях ад фальклорнага гурта «Варган».

Свята ў Вязынцы стане выдатным днём для сямейнага адпачынку, а шматлікія ўпрыгожаныя кветкамі фотапляцоўкі прадставяць магчымасць зафіксаваць яго не толькі ў памяці.

УВАГА! Пачатак «Кветкавага этнафестывалю» – 10:00.
Пачатак свята паэзіі і песні – 12:00.
Збор на спяваючы карагод – 17:00.
Спуск на ваду самага вялікага купальскага вянка – 17:30.

Кантактныя тэлефоны — +375 29 322 77 33